Чылійскі беларус Ігнат Дамейка

Беларусь і Чылі, цэнтр Еўропы і захад Лацінскай Амерыкі. Што агульнага паміж такімі далёкімі краінамі? Іх аб’яноўвае адна яскравая асоба – Ігнат Дамейка – сусветна вядомы вучоны, нацыянальны герой Чылі.
Чалавек энцыклапедычных ведаў — знакаміты геолаг і мінеролаг, географ і этнолаг, фізік і батанік, біёлаг і металург, мовазнаўца і хімік, педагог і рэфарматар адукацыі.
Ігнат Дамейка паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Ён нарадзіўся 31 ліпеня 1802  ў маёнтку Мядвядка Навагрудскага павета Мінскай губерніі (зараз — Карэлічскі раён) ў сям’і былога земскага суддзі Навагрудскага ваяводцва. З сямігадовага ўзросту, пасля смерці бацькі, жыў і выхоўваўся на Гродзншчыне, ў маёнтках сваіх дзядзькаў – Ігната і Юзефа, якія былі высокаадукаванымі людзьмі. Менавіта Юзеф адкрыў для маленькага Ігната цудоўны свет мінералогіі.
Дзесяцігадовы Ігнат паступіў вучыцца ў Шчучын, а праз чатыры гады – у Віленскі універсітэт (на фізіка-матэматычны факультэт), дзе акрамя фізікі і матэматыкі вывучаў тапалогію, архітэктуру, гісторыю, літаратуру. У чэрвені 1822 года абараніў дысертацыю і стаў магістрам філасофіі.
Ва ўніверсітэце ён пасябраваў з будучым вядомым паэтам Адамам Міцкевічам, фалькларыстам Янам Чачотам, паэтам і даследчыкам прыроды Томашам Занам. Яны ўваходзілі ў патаемныя патрыятычныя студэнцкія таварыствы філаматаў і філарэтаў, удзельнікі якіх лічылі сваёй галоўнай мэтай падрыхтоўку моладзі да ўсебаковай дзейнасці на карысць Радзіме. Вялікую ўвагу яны надавалі абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, прапагандзе гуманізму, трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасці чалавека, выступалі супраць афіцыйнай палітыкі царскай Расіі ў галіне адукацыі, асуджалі дэспатызм, прыгон, феадальна-абсалютысцкія парадкі. У 1820 г. Ігнат Дамейка стаў членам таварыства філаматаў пад канспіратыўным імем Жегота. Пазней Адам Міцкевіч назаве так аднаго з герояў сваёй паэмы «Дзяды», акрамя таго, першапачаткова ён хацеў даць назву «Жегота» сваёй паэме «Пан Тадэвуш». У лістападзе 1823 г. таварыствы былі раскрыты, іх членаў (у тым ліку і Ігната Дамейку) арыштавалі і заключылі ў базыльянскім манастыры Святой Тройцы. Толькі дзякуючы намаганням сваякоў, у студзені або лютым 1824 года Ігнат Дамейка быў высланы пад нагляд паліцыі ў маёнтак дзядзькі без права куды б ні было адлучацца і займаць дзяржаўныя пасады. Шэсць гадоў Дамейка правёў у маёнтках свайго дзядзькі, спачатку ў Жыбартаўшчызне, затым у Заполлі. Там ён пераклаў на польскую мову песні Оссіан і Каран (разам са святаром Дыёнісам Хлевінскім). Займаўся гаспадаркай — ўкараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, бровары, лесапільні. Веды па аграноміі ён атрымліваў з выпісываемых з Германіі кніг. У 1829 года паліцэйскі нагляд быў з яго зняты. А праз год Дамейка прыняў удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні, ваяваў у частках генерала Д. А. Хлапоўскага, адзін час разам з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі. Пасля прайгранай бітвы пад Шаўлямі летам 1831 году разам з іншымі паўстанцамі адступіў у Прусію, дзе быў інтэрнаваны. У дзённікавых запісах пра паўстанне Дамейка выразна вылучаў «каронных» (палякаў), «жмудзінаў» (сучасных літоўцаў) і «нашых літвінаў» (сучасных беларусаў).
У жніўні 1832 году разам з Міцкевічам і іншымі эмігрантамі прыбыў у Парыж, прыняў удзел у грамадскай дзейнасці беларускай эміграцыі. Ён стаў памочнікам і кансультантам пры стварэнні самай буйной і значнай паэмы вялікага паэта — «Пан Тадэвуш». Больш за тое, сам перапісваў і рыхтаваў гэты шэдэўр да друку. А акрамя таго, паслужыў прататыпам эканома Жеготы, аднаго з герояў паэмы. Ён наведваў лекцыі ў Сарбоне, у Французскай калегіі, займаўся ў Батанічным садзе, удзельнічаў у геалагічных экскурсіях.
У 1834 годзе паступіў у Горную школу. Склаў геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых зямель Рэчы Паспалітай і напісаў да яе шырокія каментары (карта і каментары не былі выдадзены; матэрыялы выкарыстоўваліся ў іншых выданнях). У 1837 годзе атрымаў дыплом горнага інжынера. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта не знайшоў сябе ні на Радзіме, ні ў Еўропе.
Паваротным момантам у жыцці стаў ліст Адама Міцкевіча, дзе ён паведамляў пра магчымасць працаваць па кантракце ў Чылі. Ігнат адразу ж пагадзіўся на падарожжа ў далёкую краіну і працу па кантракту на шэсць гадоў, з аплатай па тры тысячы долараў у месяц. Не ведаў малады навуковец, калі адпраўляўся за акіян ў 1838 г., што тэрмін гэты расцягнецца на 46 гадоў, а Чылі стане для яго другой радзімай.
Ігнат Дамейка пасяліўся ў невялікім прыморскім мястэчку Какімба, цэнтры горнай прамысловасці Чылі, каб выкладаць у горнай школе Ла-Серэна хімію і мінералогію. Да 1846 года Дамейка чітаў лекціі, праводзіў разнастайныя даследаванні, камплектаваў мінералагічныя калекцыі, заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку, заалагічны калекцыю. У 1845 годзе выпусціў кнігу з апісаннем побыту, культуры, мовы індзейцаў араўканаў, перакладзеную ў далейшым на некалькі моў. У паездках па краіне ён вывучаў геалогію і мінералогію Анд, пустыні Атакама і правінцыі Араўканіі на поўдні Чылі.
Пасля Сусветнай выставы ў Парыжы 1867 г., дзе Дамейка прадстаўляў маладую прамысловасць Чылі, яго абралі рэктарам чылійскага універсітэта, на гэтай пасадзе ён працаваў шаснаццаць гадоў. У заснаванай па яго ініцыятыве Горнай школе рыхтаваліся чылійскія нацыянальныя кадры выкладчыкаў горнай справы, геолагаў, мінералогіі.
Дамейка арганізаваў метэралагічную службу ў Сант’яга-дэ-Чылі, вывучаў знойдзены ў пустыні Атакама метэарыт, вывучаў вулканы, адкрыў радовішча срэбра, медзі, золата, каменнага вугля, вядомай на ўвесь свет чылійскай селітры, арганізаваў іх дабычу, упершыню ў Лацінскай Амерыцы увёў метрычную сістэму мер і вагаў. Дамейка знайшоў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў адтуль у Сант’яга вадаправод, вырашыўшы тым самым праблему водазабеспячэння сталіцы. Чылійскія газеты пісалі: «Пан Дамейка не проста вучоны, ён — апостал навукі. У краіне няма больш папулярнага і паважанага імя, чым імя Дамейкі». Ён рэарганізаваў сістэму адукацыі ў краіне, у тым ліку і ў самім універсітэце, узяўшы за ўзор родную Віленскую «альма матэр». Стварыў музей мінералогіі, заснаваў фізічны кабінет, хімічную і горную лабараторыі, арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства.
Навуковыя працы (каля 130) Дамейка пісаў пераважна на французскай і іспанскай мовах, пісаў падручнікі і навуковыя трактаты, якія публікаваліся ў парыжскіх навуковых часопісах. Стаў членам многіх еўрапейскіх навуковых таварыстваў. Па яго шматлікіх падручніках вучыліся і вучацца студэнты Чылі, Перу, Мексікі. Пасля выхаду Дамейкі ў адстаўку, урад Чылі зацвердзіў яму персанальную пенсію — самую высокую ў краіне, памер якой перавышаў нават ўзнагароджанне для генералаў, якія ваявалі за незалежнасць гэтай краіны.
У 1884 г. Ігнат Дамейка ва ўзросце 82 год змог ажыццявіць сваю даўнюю мару — прыехаць у Беларусь. Зусім не выпадкова ён пісаў у свой час Адаму Міцкевічу з Чылі: «Натуральна, перарадзіцца я нiколi не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або ў Панар (Вільня) — усё роўна памру літвінам …». Па дарозе ў Беларусь — у Кракаве і Варшаве, дзе ён спыняўся, — яго ўрачыста ўшаноўвалі, але Дамейка імкнуўся хутчэй патрапіць на радзіму. У сваім дзённіку ён пісаў: «… Я адчуваў, як стукае ў мяне ў скронях кроў пры думцы, што я хутка буду дома, што я яшчэ не дасягнуў мэты свайго падарожжа. … Ужо і Буг, начны Брэст — я ў Літве!».
На радзіме Дамейка чатыры гады пражыў у Жыбуртоўшчызні і за гэты час наведаў іншыя дарагія яму месцы Беларусі: Мядзвядку, Мір, Крошын. Яго ўсюды сустракалі з радасцю, а Ігнат размаўляў на беларускай мове, не забытай ім, нягледзячы на паўвекавую адсутнасць. У час знаходжання ў Беларусі ён некалькі разоў выязджаў у Парыж, пабываў у Рыме, Іерусаліме. Здзейсніўшы паломніцкую паездку ў Святую Зямлю, летам 1888 года Ігнат Дамейка вярнуўся у Чылі. Неўзабаве пасля вяртання ў Сант’яга, ў 1889 г. Ігнат Дамейка сканаў. Дзень яго пахавання быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы, а сам Ігнат — нацыянальным героем Чылі. У яго гонар выбітая памятная медаль, у Сант’яга ўсталяваны велічны помнік з надпісам: «Грандэ Эдукадор» ( «Вялікі Асветнік»).
У Беларусі, на радзіме Ігната Дамейкі, у яго былым фальварку ў вёсцы Заполле Лідскага раёна адкрыты музей знакамітага земляка, створаны школьныя музеі ў вёсках Вялікая Мядзвядка Карэліцкага і Крупава Лідскага раёнаў, яго імем названа вуліца ў вёсцы Крупава.
Асаблівая увага да асобы знакамітага вучонага была прыцягнута ў 200-гадавы юбілей Ігната Дамейкі: 2002 ЮНЭСКА абвясціла годам Ігната Дамейкі. Імем Дамейкі названа малая планета (астэроід 2784 Дамейка), порт на беразе Ціхага акіяна — Пуэрта-Дамейка, мястечка Пуэбло-Дамейка, вулканічная града працягласцю 350 км ў Андах — «Кардыльеры Дамейкі». У яго гонар названы мінерал — «Дамейка» (выяўлены самім Дамейкам ў 1844 годзе ў Чылі), малюск — Nautilus Domeycus, фіялка — Viola Domeykiano, гатунак азаліі, сямейства раслін Domeykiaceae, кактус — Maihueniopsis domeykoensis, вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні.
У дні юбілею ў 2002 годзе, вуліцы імя Дамейкі з’явіліся ў Мінску і в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзвядка ўсталяваны бюст навукоўцу, а каля касцёла ў Міры, дзе пахаваны яго бацька, — памятны камень. У Беларусі праводзіліся навуковыя канферэнцыі, прызначаны стыпендыі імя Ігната Дамейкі, у месцах, дзе ён жыў, усталяваны мемарыяльныя дошкі. Да юбілею ў мінскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор» быў прымеркаваны выпуск яго кнігі «Мае падарожжы».

Добавить комментарий