Казімір Кастравіцкі

Постаць Казіміра Рафаіла Карлавіча Кастравіцкага надзвычай шматбаковая: празаік, паэт, драматург, грамадскі дзеяч, аўтар першых беларускіх падручнікаў, перакладчык, навуковец-мовазнаўца, фалькларыст, мастак і скульптар!

Казімір Кастравіцкі, больш вядомы як Карусь Каганец, нарадзіўся 10 лютага 1868 года ў г.Табольску, куды яго сям’я была саслана за ўдзел ў паўстанні К.Каліноўскага. Яго маці Алена Тадэвушаўна паходзіла з роду Свентарыцкіх (Свентаржэцкіх), з багатай сям’і з-пад Слупкоў, скончыла Віленскі інстытут. Бацька — Карл Самуілавіч Кастравіцкі, шляхціч герба «Байбуза», у валоданні якога пасля канфіскацыі маёмасці застаўся толькі невялікі спадчынны маёнтак Навасёлкі на Койданаўшчыне з шасцю сялянскімі дварамі. У паўстанні удзельнічаў і родны брат бацькі Міхаіл Апалінарый Кастравіцкі – будучы дзед знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінэра, чыё сапраўднае імя Гіём-Вільгельм-Альберт-Уладзімір-Аляксандр-Апалінарый Кастравіцкі.

У 1874 сям’я вяртаецца на родную Міншчыну, селіцца ў в.Засулле каля Стоўбцаў, дзе у 60-гадовым узросце памёр Карл Самуілавіч. Маці ўзяла шлюб з мясцовым селянінам Кардэцкім, сям’я пераехала ў в.Юцкі (Прымагілле) каля Койданава і, паводле Ластоўскага, «мелі дваровую службу, пякарню». Казімір, які ў маленстве выпаў з вакна, моцна пакалечыўся, і ў выніку стаў гарбатым, наняўся ў суседнім павеце пасвіць статак і адначасова старанна займаўся самаадукацыяй. Пасля вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Імкнучыся авалодаць жывапісным і скульптурным майстэрствам, у 1890-я гады паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзе ўразіў прафесуру, стварыўшы надзвычай псіхалагічны скульптурны партрэт цара Івана Грознага. Аднак на завяршэнне адукацыі грошай не хапіла і, вярнуўшыся ў Прымагілле, ён заняўся сялянскай працай. З 1893 года Казімір пачынае літаратурную дзейнасць, узяўшы псеўданім «Карусь Каганец». Літаратурнае імя абарна не выпадкова: Карусь — распаўсюджаная на Беларусі замена імя Карл (у гонар бацькі), а Каганец — простая сялянская свяцільня, бо паэт, на думку Казіміра, абавязаны свяціць народу. Карусь Каганец праявіў сябе як  цікавы і самабытны празаік, стварыўшы апрацоўкі беларускіх легенд і казак: «Вітаўка», «Прылукі», «Адкуль мядзведзі», «Машэка», невялікія апавяданні («Ваўчок», «Навасадскае замчышча» і інш.), першыя вершы, у якіх пануюць нацыянальна-вызваленчыя матывы («Наш покліч», «Наш сымболь»), гістарычныя тэмы («Згадка пра Галубка»).Казімір Рафал Кастравіцкі (Карусь Каганец). БДАМЛМ.jpg

30 гадовы Каганец ажаніўся з Ганнай Пракаповіч і асеў ва ўрочышчы Лісія Норы каля Прымагілля. Але сялянская праца не давала фінансавай стабільнасці і, каб забяспечыць сям’ю (жонку і  сыноў Янку і Мірона) Каганец браўся за любую дадатковую працу: служыў у Мінскай гарбатнай, у мастацкай майстэрні ў Рызе, будаваў чыгунку ў Лідзе, быў эканомам у Мінскам таварыстве дабрачыннасці, дзе арганізаваў беларускі хор і аркестр. У 1890 – пач. 1900 года публікаваў апрацоўкі народных паданняў у газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край».

Пачатак новага стагоддзя стаў для Каганца часам актыўнай грамадскай і асветніцкай дзейнасці, што не дазволіла цалкам аддацца творчасці. У 1902 годзе Каганец, Антон і Іван Луцкевічы, Алесь Бурбіс, Элаіза Пашкевіч, Вацлаў Ластоўскі ствараюць Беларускую Рэвалюцыйную Партыю (са снежня 1903 Беларуская Сацыялістычная Грамада), якая мела друкаваныя выданні «Наша Доля» і «Наша Ніва». Карусь Каганец быў абраны кіраўніком Рады БСГ, дэлегатам Першага сялянскага з’езда Беларусі. У 1904 годзе ён распрацаваў праект газеты для працоўнага сялянства «Палессе», але дазволу ад ўлады на яе выданне не атрымаў.

Зімой 1905 г. разам са Сцяпанам Багушэвічам Каганец арганізаваў шматлюдны антыцарскі мітынг на Койданаўшчыне, абодва былі арыштаваны і зняволены. Але праз паўгода, дзякуючы намаганням сваякоў і сяброў, паплечнікаў вазваляюць з мінскай пішчалаўскай турмы (зараз турма па вуліцы Валадарскага), а суд адкладаюць да 1910 г.

Карусь з сям’ёй пасяліўся у Мінску. У маі 1906 года было заснавана першае беларускае легальнае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Першы параграф статута гэтай выдавецкай суполкі сведчыў пра яе асветніцкія мэты: «Таварыства ўстанаўляецца для таго, каб друкаваць і шырыць памеж людзёў ксёнжкі беларускія і ўсё, што датычэ Беларусі».

Першай выпушчанай выдавецтвам кнігай стаў «Беларускі лемантар або першая навука чытання» з 19-ццю аўтарскімі малюнкамі К. Каганца, яны сталі першым узорам аздаблення дзіцячай кнігі на Беларусі. У тым жа годзе адно з пецярбургскіх выдавецтваў заказала Карусю Каганцу малюнкі для сваіх выданняў, а ў 1909 годзе — малюнкі да вокладкі кніжкі Якуба Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У наступным годзе на выстаўцы ў Мінску экспанаваўся шэраг новых твораў Каганца: гэта арыгінальны «сялянскі» жывапіс з відамі ландшафтаў Беларусі на палотнах, падносах, шкатулках, бярозавых дошках, фанеры…

У 1900-я гады Каганцом былі створаны і першыя беларускія палітычныя карыкатуры «Пахаванне Свабоды» (чатыры малюнкі-кадра, на якіх Свабода, якую рыхтуюцца адпяваць, паўстае з труны і адкідвае ад сябе вартаўніка-жандарма, а святара змушае ад страху лезці пад стол) і «Віншую з Новым годам!», дзе новы 1907-ы год у выглядзе беларускага селяніна з касой у руках праганяе стары год, знешне вельмі падобны на імператара Мікалая II.

У верасні 1908 года Карусь Каганец, пакінуўшы сям’ю ў Бярэзіне (нарадзіліся дзве дачкі Галіна і Мілена), едзе ў Вільню, дзе уладкоўваецца працаваць ў рамеснай школе пры касцёле св. Стэфана. Займаецца разнабаковай творчасцю: стварае драўлянае ўкрыжаванне Хрыста, піша бытавую камедыю ў адным дзеянні «Модны шляхцюк». Гэты твор стаў галоўным літаратурным дасягненнем Каганца і быў выдадзены асобным выданнем у 400 экзэмплярах. Вадэвіль карыстаўся вялікай папулярнасцю, быў адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпэртуару і нязменным спектаклем вандроўнага тэатра Ігната Буйніцкага.

Пра той час ўзгадваў Мікола Шыла, у якога жыў Каганец:» кожны вольны вечар Я. Купала праводзіў у гутарках у нас. На якія толькі тэмы не ішла размова: літаратура, і тэатр, і малярства (К. Каганец у поўным значэнні гэтага слова быў маляр і скульптар), але кожная тэма зводзілася на нашае беларускае жыццё і ягоныя праблемы”. В.Ластоўскі адзначаў: «Другога такога знаўца псіхікі і побыту беларусаў, як Каганец, беларусы дагэтуль не маюць паміж свае інтэлігенцыі.»

2 красавіка 1910 года Карусь Каганец па справе 1905 года быў асуджаны Віленскай судовай палатай на год зняволення і змешчаны ў Мінскую пішчалаўскую турму. Сядзеў там некаторы час са сваім зводным братам — Міхасём Кардэцкім і Якубам Коласам. За кратамі Я.Колас напісаў шмат твораў, многія з якіх К. Каганец аздабляў сваімі малюнкамі, якія на жаль не захаваліся.

Пасля вызвалення ў 1911 г. з турмы Каганец жыве ў Мінску ў сваёй сястры Мані. Два гады перабіваўся выпадковымі заробкамі пакуль не атрымаў працу эканома ў фальварку Жартай (Жортаў) каля Багданава, дзе і праслужыў амаль да канца жыцця.

Карусь Каганец быў абраны старшынёй з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску з 25 па 27 сакавіка 1917 года, дзе была выказана падтрымка Часовага Ураду, абмяркоўваўся далейшы лёс краю ў выглядзе беларускай аўтаноміі ў складзе Расіі. З’езд даручыў БелНацКам падрыхтаваць канстытуцыю «беларускага Краёвага Ураду».

20 мая 1918 года Карусь Каганец памёр ад запалення лёгкіх у фальварку Лісія Норы ў Прымагіллі. Выдатны беларус быў сціпла пахаваны ў вёсцы Навасёлкі, але на развітанне з ім ні жонка, ні дзеці не прыехалі…Толькі праз 70 гадоў на магіле Каганца быў устаноўлены помнік.

Імя Каруся Каганца гіторыі займае асаблівае месца. Ён быў разнабакова адораны і займаўся многімі галінамі мастацтва і навукі. І ў кожнай з іх пакінуў прыкметны след.

Як мовазнаўца К Каганец стаў вядомы толькі дзякуючы вывучэнню яго рукапісаў, бо ніводнай мовазнаўчай працы не апублікаваў. Але чарнавыя паперы дэманструюць шырокае кола зацікаўленнасцяў у накірунках правапісу, лексікаграфіі, граматыкі. К. Каганец падарыў нам такія тэрміны як “літара”, “склад”, “кропка”, “двукроп’е”, “клічнік”, “пытальнік”, прапанаваныя ім у «Беларускім лемантары”, яны замацаваліся ў нацыянальным беларускім мовазнаўтве як агульнапрынятыя.

У 1920 -я гады сучаснікі лічылі Каганца піянерам новага самабытнага нацыянальнага беларускага мастацтва, які ўвёў у беларускую графіку матывы, што надалей будуць успрымацца, як традыцыйна беларускія, нацыянальныя. Карусь Каганец зрабіў першы крок у развіцці беларускай графікі.

К.Каганец пакінуў адметны след у публіцыстыцы. Яго артыкулы “Прамова”, “Думка”, “З рэферату на калядны сход беларускай грамады 1903 года” падымаюць праблемы развіцця беларускай культуры, мовы, асветы, нацыянальнага адраджэння.

Праявіў сябе як адораны драматург, стварыўшы вядомы вадэвіль “Модны шляхцюк”, бытавыя драмы “У іншым шчасці няшчасце схавана”, “Двойчы прапілі”.

На жаль, шматвектарнасць творчых талентаў, як вядома, прыводзіць да таго, што частка ідэй застаецца нерэалізаванымі, а творы – няскончанымі… Так было і з творчай спадчынай К.Каганца: частка рукапісаў пасля яго смерці трапіла да Я. Лёсіка, які апублікаваў яе ў «Беларусі» (1919) і «Вольным сцягу» (1921), але многія рукапісныя маэрыялы былі згублены.

Упершыню літаратурная спадчына Каруся Каганца была сабрана ў кнізе “Творы”, выдадзенай ў 1979 годзе ў Мінску. Імем Каруся Каганца назана сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Стаўпецкім раёне, у якое ўваходзіць вёска Засулле, вуліца ўМінску (раён Лошыца).

 

У артыкулы выкарастаны матэрыялы:

Бapшчэўcкi Л.П., Вacючэнкa П.В., Тычынa М.А. Слoвы ў чace. Лiтapaтypa aд paмaнтызмy дa ciмвaлiзмy i нaшaнiўcкaгa aдpaджэння. Сaнкт-Пeцяpбypг, 2014

Сліўкін В., Суднік С. “Лёсам Лідчыны крануўся”//”Лідскі Летапісец” № 1 (41) 2008

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты:
<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>